ProZ.com frequently asked questions


Форумы

Main

  • 1 - Што прадстаўляюць сабой форумы ProZ.com?

    Форумы ProZ.com — гэта адкрытая пляцоўка для карыстальнікаў ProZ.com, дзе яны могуць абмяркоўваць розныя цікавыя тэмы ў адносна вольным фармаце.



    Панель наладак форумаў:







    Вам можа спатрэбіцца таксама:



  • панель наладак KudoZ (апавяшчэнні аб пытаннях KudoZ);



  • панель наладак аб’яў працы (апавяшчэнні аб аб’явах працы);



  • відэаролікі аб карыстанні сайтам ProZ.com.


  • 2 - Што можна публікаваць?

    Форумы ProZ.com — гэта месца для абмеркаванняў пытанняў, датычных перакладу, сайта ProZ.com і супольнасці ProZ.com. Яны не прызначаныя для іншых мэтаў. Больш поўнае азначэнне тэматыкі форумаў гл. тут.



    У адпаведнасці з правілам 11 форумы не прызначаныя для шэрагу пытанняў, для якіх сайт мае адмысловыя раздзелы. У прыватнасці:

  • дапамога ў тэрміналогіі — гэта KudoZ;

  • аб’явы і прапановы працы — раздзел працы;

  • абмен таварамі і паслугамі паміж калегамі — біржа;

  • водгукі аб працадаўцах — Blue Board пры ўмове выканання адпаведных правіл;

  • водгукі аб вольных перакладчыках — ў адпаведных палях ГПС у іхніх профілях;

  • пытанні ці скаргі наконт злоўжыванняў на сайце, дзеянняў мадэратарам або адміністрацыі след накіроўваць праз запыт у службу падтрымкі.



    У выпадку сумневаў — запыт у службу падтрымкі або зварот да мадэратара.


  • 3 - Якія правілы дзейнічаюць на форумах?

    На старонках форумаў ёсць спасылкі на правілы форумаў. Удзельнікі могуць публікаваць свае допісы пры ўмове згоды на выкананне гэтых правілаў.


  • 4 - Што рабіць, калі я бачу парушэнне правілаў сайта на форуме?

    У падобным выпадку паведаміце пра праблему мадэратару форума або персаналу сайта. У ніжняй частцы кожнай старонкі тэмы ў форумах знаходзіцца невялікая таблічка з імёнамі адпаведных мадэратараў са спасылкай «Паклікаць да тэмы»:



    Калі націснуць на гэтую спасылку, з’явіцца невялікае акно, дзе можна будзе апісаць, якое парушэнне правілаў вы назіраеце. Гэтае поле абавязкова трэба запоўніць. Пасля адпраўкі гэтыя звесткі будуць перасланыя мадэратару ў паведамленні электроннай пошты.







    Вы таксама можаце звярнуцца да персанала сайта праз запыт у службу падтрымкі, калі пэўная галіна форума не мае адмысловага мадэратара.


  • 5 - Чаму абмеркавання адміністрацыйных захадаў павінна рабіцца праз службу падтрымкі, а не на форумах?

    Мадэраваць форумы сайта бывае нялёгкай задачай. Часам мадэратары сутыкаюцца з сітуацыяй, якая, як яны ўважаюць, няправільная і патрабуе неадкладных захадаў. Таксама можа здарыцца, што пры выбары найлепей прыдатных захадаў у падобных абмеркаваннях паблізу няма другога мадэратара, каб спраўдзіць абгрунтаванасць захаду, і мадэратар робіць нешта толькі з уласнага шчырага і добрасумленнага меркавання.

    Аднак падобныя захады могуць аказацца няслушнымі па выніках пазнейшага аб’ектыўнага разгляду, таму і варта звяртацца да персаналу сайта з запытамі ацэнкі адміністрацыйных захадаў мадэратараў. Досвед паказаў, што абмеркаванне дзеянняў мадэратараў у форумах спрычыняецца хутчэй да непрыемных пачуццяў, чым да рашэнняў праблемных пытанняў.

    Запыт у службу падтрымкі аб магчымых няслушных захадах мадэратараў дазваляе персаналу сайта разгледзець праблему з улікам незалежнага (па магчымасці ўзважанага і аб’ектыўнага) меркавання.


  • 6 - Хто можа ўдзельнічаць у форумах?

    Паводле ступені адкрытасці форумы дзеляцца на чатыры тыпы:



  • адкрытыя форумы: публікаваць допісы могуць усе зарэгістраваныя карыстальнікі ProZ.com, чытаць — хто заўгодна, уключаючы пошукавыя машыны;

  • форумы толькі для членаў сайта: доступ маюць толькі члены сайта;

  • форум абмежаванага доступу: толькі для мадэратараў;

  • прыватныя форумы: гэтыя форумы маюць г. зв. уладальнікаў, якія вызначаюць спіс тых, хто можа мець доступ да канкрэтнага форума.


  • 7 - Ці ўхваляе нехта допісы на форумах?

    Допісы членаў ProZ.com і карыстальнікаў са спраўджанай ідэнтычнасцю публікуюцца неадкладна.* Допісы ўсіх іншых праходзяць праверку перад публікацыяй. Большасць допісаў ухваляецца на працягу 12 гадзін.

    * Доступ да функцый сумеснай працы, якія могуць закранаць іншых членаў, можа быць зменены або скасаваны, калі так вырашыць персанал сайта ProZ.com.


  • 8 - Як апублікаваць допіс на форуме?

    Каб пачаць на форуме новую тэму, трэба перайсці на яго старонку і націснуць на спасылцы «Пачаць новую тэму» у верхняй левай частцы экрана. Пасля гэтага з’явіцца акно публікацыі, у якім трэба ўпісаць добры загаловак у полі «Тэма» (на старонцы ёсць інструкцыі) і тэкст допісу ў полі «Тэкст допісу». Калі тэма абмеркавання не зусім адпаведная агульнай тэматыцы сайта, але можа быць аднесеная да дапушчальных выключэнняў, акрэсленых у азначэнні агульнай тэматыкі сайта Proz.com, абавязкова трэба паставіць пазнаку «Гэты допіс „не па тэме“ (хутчэй пра забавы чым пра працу)».

    Для публікацыі адказу ў існай тэме трэба націснуць на кнопку «Адказ / каментарый» або на спасылку «Адказаць з цытатай» у адным за папярэдніх допісаў, каб адказаць менавіта на гэты допіс, захаваўшы ягоны тэкст у рамцы ў сваім допісе.


  • 9 - Як выбраць форумы, якія я хачу бачыць на галоўнай старонцы?

    Перайдзіце на старонку наладаў форумаў, там — на ўкладку «Форумы на галоўнай старонцы». На ёй можна выбраць форумы, якія будуць паказвацца на галоўнай старонцы.

    Каб убачыць кароткае апісанне старонкі наладаў форумаў і яе функцый, раім праглядзець гэты відэаролік.


  • 10 - У мяне ёсць пытанне, якое я хачу задаць на форумах. Як гэта зрабіць найлепей, каб атрымаць адказ?

    Вось некалькі парад для публікацыі пытанняў на форумах:

  • Спярша пашукайце на форумах. Там ёсць мноства падрабязных абмеркаванняў пытанняў і праблем, з якімі перакладчыкі сутыкаюцца кожны дзень. Цалкам магчыма, што вашае пытанне ўжо шматкроць абмяркоўвалася і былі прапанаваныя добрыя рашэнні. Каб зрабіць пошук у допісах на форуме, перайдзіце на ўкладку «Супольнасць», там выберыце «Пошук у форумах» (другі пункт зверху).

  • Выбірайце для сваёй тэмы адпаведны форум. На сайце ёсць мноства форумаў, згрупаваных у некалькі агульных раздзелаў, але карыстальнікі, не знаёмыя з гэтай структурай, часта публікуюць тэмы ў форумах, якія проста знаходзяцца навідавоку. Мадэратары звычайна перасоўваюць такія тэмы ў найбольш рэлевантныя форумы, але яны могуць нешта не заўважыць. Вынікам можа быць тое, што тэма, якая прыцягнула б да сябе ўвагу, скажам, у тэхнічным форуме, будзе доўга заставацца без адказаў у форуме, датычным пытанняў функцыявання сайта.

  • Заўсёды намагайцеся выразіць асноўную думку / пытанне / праблему ў загалоўку тэмы. Аўтары павінны даваць допісам інфарматыўныя загалоўкі і змяшчаць іх у адпаведных форумах. Чым інфарматыўнейшы загаловак мае ваш допіс, тым вышэйшая імавернасць прыцягнуць увагу іншых удзельнікаў і атрымаць дапамогу.


  • 11 - Як дадаць смайлікі ў допіс на форуме?

    Смайлікі — клавіятурныя сімвалы, якія выкарыстоўваюцца для перадачы эмоцый, напрыклад усмешка — гэта :), а незадавальненне — гэта :( . Спіс смайлікаў і працэдура іх устаўкі апісаныя ў артыкуле аб смайліках і базавым фарматаванні тэксту на форумах Proz.com (на англ.).


  • 12 - Што такое BBCode і як яго ўжываць на форуме?

    BBCode — гэта варыяцыя HTML-тэгаў, якія могуць быць знаёмыя вам. У асноўным яны дазваляюць дадаць функцыянал або афармленне допісаў без ужывання HTML. Выкарыстоўваць BBCode можна нават калі на адпаведным форуме не дазволены HTML. Ужываць BBCode замест HTML зручней, бо гэта азначае меншы аб’ём коду і менш рызыкі ва ўжыванні (сінтаксічныя памылкі не будуць мець такіх сур’ёзных праблем).

    Стварэнне гіперспасылак

    Тэг [url] дазваляе ствараць гіперспасылкі. Фармат наступны: [url=http://www.totalgeek.org]totalgeek.org[/url]

    У прыкладзе вышэй праз BBCodе аўтаматычна ствараецца гіперспасылка на URL, пазначаны ў дужках. Пры гэтым калі карыстальнік націсне на спасылку, адчыніцца новае акно. Заўважце, што дадаваць "http://" да URL неабавязкова. У тэгу URL гіперспасылкай становіцца ўвесь тэкст URL пасля сімвала роўнасці. Таксама памятайце, што ў тэгу URL НЕЛЬГА ўжываць двукоссі.

    Курсіў і паўтлусты шрыфт

    Для вылучэння тэксту курсівам або паўтлустым шрыфтам трэба атачыць фрагменты адпаведныя тэксту тэгамі [b] [/b] або [i] [/i].

    Прывітанне, [b]Янка![/b]
    Прывітанне, [i]Марыля![/i]

    Спісы

    Ёсць магчымасць ствараць маркіраваныя або ўпарадкаваныя (нумараваныя або з літарамі) спісы.

    Маркіраваны спіс:

    [list]
    [*] Гэта першы пункт спісу.
    [*] Гэта другі пункт спісу.
    [/list]

    Вынік:

  • Гэта першы пункт спісу.
  • Гэта другі пункт спісу.

    Памятайце, што абавязкова трэба закрываць спіс тэгам [/list] напрыканцы.

    Ствараць упарадкаваныя спісы таксама проста. Проста ўстаўце [LIST=A] або [LIST=1]. Пры ўстаўцы [List=A] створыцца спіс ад A да Z, а пры ўстаўцы [List=1] — нумараваны спіс.

    Вось прыклад:

    [list=A]
    [*] Гэта першы пункт спісу.
    [*] Гэта другі пункт спісу.
    [/list]

    Вынік:

    1. Гэта першы пункт спісу.
    2. Гэта другі пункт спісу.

    Выявы

    Каб уставіць выяву ў допіс, трэба проста атачыць URL-адрас выявы тэгам, як у наступным прыкладзе (BBCode вылучаны чырвоным).

    [img]http://www.totalgeek.org/images/tline.gif[/img]

    У прыкладзе вышэй BBCode аўтаматычна дазваляе паказваць выяву ў допісе. Заўважце, што дадаваць "http://" да URL-адраса выявы ў тэгу [img] абавязкова.

    Цытаванне іншых допісаў

    Каб працытаваць іншы допіс, трэба проста скапіяваць, уставіць адпаведны фрагмент і атачыць яго тэгам, як у наступным прыкладзе (BBCode вылучаны чырвоным).

    [QUOTE]Не пытайся, што твая краіна можа зрабіць для цябе… спытай сябе, што ты можаш зрабіць для сваёй краіны.[/QUOTE]

    У прыкладзе вышэй кода праз BBCode тэкст паміж тэгамі вылучаецца як цытата.

    Увага:

  • Нельга выкарыстоўваць HTML і BBCode для адной і той самай функцыі.
  • У кодах BBCode рэгістр не грае ролі ([URL] або [url] даюць аднолькавы вынік).
  • Не ўстаўляйце прабелы паміж кодамі ў дужках і тэкстам, да якіх ужываюцца тэгі.
  • У зачыняльных тэгах павінны ўжывацца зваротныя косыя рысы (напрыклад, [/url] )


  • 13 - Як можна атрымліваць апавяшчэнні аб новых допісах на форумах (адсочваць форумы)?

    Атрымліваць апавяшчэнні аб новых допісах на форумах могуць усе зарэгістраваныя члены.



    Сачэнне за форумамі

    Каб уключыць сачэнне за форумам цалкам, скарыстайцеся з функцыі «Сачыць праз эл. пошту» (правая частка старонкі форума). Можна атрымліваць апавяшчэнні аб новых тэмах на форуме або аб кожным новым допісе. Выбраўшы патрэбны варыянт, націсніце кнопку «Захаваць змены».

    Сачэнне за асобнымі тэмамі

    Каб сачыць за асобнай тэмай (калі, напрыклад, вы не адсочваеце ўвесь форум, да якога тэма належыць), проста пазначце «Гэтаю тэма (Усе допісы)» у правай частцы старонкі тэмы і націсніце кнопку «Захаваць змены».



    Каб болей не сачыць за форумам і тэмай, проста зніміце пазнаку з выбранага варыянта і націсніце кнопку «Захаваць змены».


  • 14 - Ці індэксуюцца форумы пошукавымі машынамі?

    Так. Большасць форумаў ProZ.com публічныя, іх могуць індэксаваць пошукавыя машыны. Мы раім усім, хто публікуе нешта ў Інтэрнэце, памятаць, што ўсе іхнія допісы на сайтах з моманту публікацыі будуць бачныя ўсім іншым.

    Выключэнне — прыватныя форумы, якія могуць стварацца на запыт членаў. Доступ да іх маюць толькі тыя, каго яўна запрашаюць іхнія ўладальнікі. Больш звестак аб стварэнні прыватных форумаў: http://www.proz.com/faq/3103#3103.


  • 15 - Як вызначаецца, ці з’явіцца тэма з форума на галоўнай старонцы сайта?

    Галоўная старонка — важны актыў супольнасці ProZ.com, бо члены ўдзяляюць ёй шмат увагі і часу. У мэтах захавання спрыяльнага працоўнага асяроддзя персанал ProZ.com кантралюе матэрыялы, якія з’яўляюцца на ёй (так як гэта стандартна робіцца ў выдавецкай справе).



    Адбор інфармацыі для прадстаўлення на галоўнай старонцы выконваецца ў паўаўтаматычным рэжыме. Большасць новых тэм (у залежнасці ад форума) аўтаматычна атрымліваюць статус адабраных для паказу на галоўнай старонцы. Аднак калі супрацоўнік сайта выяўляе тэму, якая, напрыклад, прадстаўляе сабой хутчэй індывідуальны запыт у службу падтрымкі, а не тэму для абмеркавання, гэты статус можа быць зняты. Закрытыя тэмы таксама могуць выдаляцца з галоўнай старонкі.


  • 16 - Што такое RSS-стужка форумаў?

    RSS — скарот ад англійскага Really Simple Syndication, гэта набор вэб-фарматаў, якія выкарыстоўваюцца для публікацыі змесціва, якое часта абнаўляецца (напрыклад, навіны, запісы ў блогах) у стандартным фармаце, які дазваляе карыстальнікам падпісацца на яго.

    Агрэгатар — гэта кліенцкая праграма або вэб-дадатак для падпіскі і збору агрэгаванага вэб-змесціва ў адным месцы для зручнага прагляду.

    Каб падпісацца на любімыя публічныя форумы ProZ.com праз RSS-агрэгатар, націсніце аранжавую кнопку на старонцы форумаў.

    Для падпіскі можна скарыстацца з якога заўгодна агрэгатара навін. Калі ўзнікнуць праблемы з кадоўкай, пытанні, каментарыі або асцярогі, накіруйце запыт у службу падтрымкі.


  • 17 - Чаму змяніўся мой загаловак?

    Мадэратары і персанал ProZ.com могуць рэдагаваць загалоўкі, якія падаюцца недастаткова інфарматыўнымі адносна змесціва допісаў (гэта пазначана ў форме для публікацыі допісу і ў правілах форумаў).



    Навошта гэта робіцца? Перш за ўсё, загалоўкі паказваюцца на галоўнай старонцы ProZ.com. Няслушныя або няпоўныя загалоўкі не дазваляюць людзям эфектыўна знаходзіць патрэбныя тэмы. З загалоўкаў таксама ствараюцца зводкі, якія рассылаюцца тым, хто сочыць за тэмамі. Яны дапамагаюць знаходзіць старыя тэмы. Па гэтых прычынах важна пісаць загалоўкі так, каб перадаць, наколькі гэта магчыма, асноўную думку.



    Прыклады дрэнных загалоўкаў:



    — KudoZ (праблема: занадта агульна).

    — Чытаць усім перакладчыкам (праблема: не перадае змесціва).



    Прыклады добрых загалоўкаў:



    — Страхаванне адказнасці — ці трэба яно мне? Дзе аформіць?

    — Перакладчык-навічок шукае парад наконт праграмнага забеспячэння.



    Напісаць добры загаловак не заўсёды бывае проста. Будзьце крэатыўнымі!


  • 18 - Чаму магчымасць рэдагавання допісу знікае праз 24 гадзіны пасля яго публікацыі ў форуме?

    Гэта робіцца дзеля захавання па магчымасці зыходнага змесціва тэмы і забеспячэння плаўнага абмеркавання, каб удзельнікі маглі адказваць адзін аднаму і цытаваць допісы, змяненні змесціва якіх у будучым малаімаверныя.


  • 19 - Я не магу знайсці свой допіс.

    Калі вы не можаце знайсці свой допіс, прычынай можа быць тое, што вы не з’яўляецеся членам сайта, ваша асоба не спраўджаная, і таму вашы допісы праходзяць ухваленне перад публікацыяй.*

    Таксама магчыма, што допіс перасунуты ў іншую катэгорыю, якой ён лепей адпавядае. Праверце адпаведныя катэгорыі, каб знайсці допіс.

    * Доступ да функцый сумеснай працы, якія могуць закранаць іншых членаў, можа быць зменены або скасаваны, калі так вырашыць персанал сайта ProZ.com.


  • 20 - Ці можна публікаваць допісы аб нядобрасумленных працадаўцах або перакладчыках?

    Водгукі аб працадаўцах і перакладчыках, з якімі вы працавалі, трэба рабіць праз форму водгука з з ІПС (Blue Board) або водгука з ГПС адпаведна.



    Аднак праз форумы можна абмяркоўваць праблемы, звязаныя з працадаўцамі (уключаючы папярэджанні аб махлярстве з боку працадаўцаў), не пазначаючы імёны/назвы і іншыя канфідэнцыйныя звесткі.


  • 21 - Чаму праз форум нельга папярэдзіць іншых аб дрэнным бюро перакладаў?

    Няцяжка здагадацца, што публічная крытыка можа быць выбухной, часта спрычыняючыся да дзясяткаў або нават сотняў электронных лістоў, тэлефанаванняў, нават юрыдычных захадаў.



    Акрамя таго, маючы сотні тысячаў зарэгістраваных карыстальнікаў, ProZ.com значна больш дынамічны ў параўнанні з рассылкамі наконт аплаты працы перакладчыкаў, якія маюць хіба што тысячу падпісчыкаў. З гэтай прычыны кожны асобны крытычны допіс на ProZ.com звычайна патрабуе некалькі гадзін пільнай увагі адміністратараў, мадэратараў і іншых асобаў.



    Разгледзеўшы шэраг добрасумленных крытычных заўвагаў, персанал ProZ.com прыйшоў да высновы, што проста не зможа справіцца з кіраваннем адкрытага публічнага форума, дзе дазвалялася б крытыка, нават і справядлівая. Менавіта таму мы стварылі Blue Board — каб падобная інфармацыя была ўпарадкаваная і ёю можна было кіраваць.



    Ці ёсць карысць базы ад Blue Board? Так. Ці ўсе пытанні яна можа вырашыць? Не, і яна не прэтэндуе на гэта, але стала ўдасканальваецца ў тэмпе, апраўданым тэмпам развіцця нашага бізнэсу.


  • 22 - Ці можна мне скарыстацца з форумаў для выкрыцця махлярства?

    Так, толькі трэба выконваць правіла форумаў № 8. Іншымі словамі, можна публікаваць атрыманыя паведамленні электроннай пошты або апісваць сітуацыю, але не публікаваць імёны/назвы.

    Мэта забароны публікацыі імёнаў у тым, каб пазбегнуць паклёпу, бо ў пэўных выпадках могуць ужывацца не выдуманыя імёны, а імёны рэальных добрасумленных асоб. Звычайна змесціва саміх паведамленняў дастаткова, каб папярэдзіць іншых перакладчыкаў.


  • 23 - Ці можна абмяркоўваць фінансавыя тэмы?

    Так, але толькі ў раздзеле «Money matters» («Фінансавыя пытанні») на форумах.


  • 24 - Чаму забараняюцца палітычныя і палемічныя тэмы?

    Заснавальнік сайта спадзяецца, што незалежна ад таго, што адбываецца ў «рэальным» свеце, тут, на ProZ.com, мы можам захаваць віртуальную прастору, у якой людзі розных культур і меркаванняў могуць мірна разам працаваць з мовамі.

    Таму ў адпаведнасці з палітыкай сайта *неадкладна* выдаляюцца допісы, якія не маюць дачыненне да моў і *нават патэнцыйна* з’яўляюцца спрэчнымі. Мадэратары сайта і форумаў маюць інструкцыі рабіць гэта.

    Можна быць быць упэўненым у тым, што гэты падыход паслядоўна ўжываецца да ўсіх спрэчных допісаў незалежна ад асабістых меркаванняў мадэратараў (таму калі тэма закрытая або выдаленая, гэта зроблена не з уласнага меркавання таго, хто выканаў падобнае дзеянне). Просім улічваць і тое, што мадэратары не знаходзяцца на бесперапынным дзяжурстве, і пэўную тэму могуць закрыць праз некалькі гадзін або нават дзён.

    Для абмеркавання палітыкі ёсць іншыя пляцоўкі, значна больш эфектыўныя за гэты сайт.


  • 25 - Што наконт стыхійных бедстваў або катастроф, якія не маюць палітычнага характару, — іх можна абмяркоўваць на форумах?

    Так. Хаця падобныя тэмы не тычацца лінгвістыкі, паведамленні аб стыхійных бедствах (такіх як землятрусы, паводкі, ураганы, тайфуны, спёка, маразы, прылівы, вывяржэнні вулканаў, лавіны, пажары, селі і іншыя прыродныя з’явы, не выкліканыя канфліктамі) уважаюцца дарэчнымі ў нашай аб’яднанай супольнасці.

    У выпадку катаклізмаў падтрымліваюцца допісы, звязаныя з дапамогай пад эгідай прызнаных і вартых даверу арганізацый з адпаведных рэгіёнаў. Так, напрыклад, калі дзесьці ў свеце здарыўся землятрус, член сайта з Іспаніі можа апублікаваць інфармацыю аб прыёме дабраахвотнай дапамогі ці ахвяраванняў падобнымі арганізацыямі ў Іспаніі.

    Заўвагі:
    — допісы аб стыхійных бедствах павінны мець пазнаку «не па тэме»;
    — допісы ў тэме аб стыхійных бедствах з палітычнымі каментарыямі будуць выдаляцца незалежна ад выказаных меркаванняў;
    — допісы з мэтай арганізацыі дапамогі ў прыватным парадку будуць выдаляцца незалежна ад аўтара;
    — акрамя стыхійных бедстваў допісы на іншыя гуманітарныя тэмы забараняюцца.


  • 26 - Калі абмеркаванне ў форуме закрытае, ці значыць гэта, што тэму больш ніколі нельга будзе абмяркоўваць?

    У выпадку закрыцця абмеркавання правіла форумаў № 6 забараняе яго працяг, каб дыскусія «астыла». Адразу пасля гэтага забараняецца публікацыя допісаў з намерам працягнуць закрытае абмеркаванне, але гэта не значыць, што тэму нельга будзе абмяркоўваць пазней пры ўмове яе адпаведнасці правілам сайта.


  • 27 - А як жа свабода слова? На форумах не павінна быць цэнзуры.

    Агульная тэматыка форумаў мае абмежаванні. Таксама існуюць пэўныя правілы. Важна разумець, што вызначаныя правілы сайта і агульная тэматыка існуюць ужо на працягу пэўнага часу і ўжываюцца акурат у мэтах захавання станоўчага, дзелавога асяроддзя. Выкананне гэтай задачы магчымае адно толькі пры ўмове паслядоўнага патрабавання выканання правілаў і агульнай тэматыкі, што і робяць мадэратары і персанал сайта.

    Такім чынам, з улікам правілаў сайта і іхняга прызначэння, не ўсім і не ўсё дазваляецца выказваць на ProZ.com. Захаванне пазітыўнага, дзелавога асяроддзя для перакладчыкаў азначае, што ў допісах на форумах, напрыклад, забараняецца лаянка, палітычныя абмеркаванні, абразлівыя заўвагі. Для гэтага ёсць іншыя месцы. Усе маюць права на меркаванні, погляды і заявы, але не варта лічыць, што іх можна папулярызаваць праз ProZ.com.

    Калі вы лічыце, што да вас ужытыя дзеянні, не заснаваныя на правілах, паведаміце аб гэтым адміністрацыі сайта праз запыт у службу падтрымкі, каб праблема была належным чынам разгледзеная. На форумах нельга абмяркоўваць асобныя дзеянні дзеля забеспячэння выканання правілаў.


  • 28 - Мае допісы раней праходзілі без ухвалення, а цяпер яно патрабуецца. Што здарылася?

    У выпадку сумневу накіруйце запыт у службу падтрымкі, каб персанал сайта разгледзеў пытанне.

    Часам персанал сайта або мадэратары ўводзяць папярэдняе ўхваленне допісаў у форумах. Гэта можа рабіцца ў сувязі з парушэннямі правілаў, але не абавязкова з падобнай прычыны. Гэтая мера хутчэй выконвае функцыю засцярогі і дазваляе персаналу сайта і мадэратарам абараняць станоўчую, дзелавую атмасферу на форумах. Калі такая атмасфера парушаецца, можа ўводзіцца патрабаванне ўхвалення допісаў.


  • 29 - Ці можна запытаць стварэнне прыватнага форума для абмеркавання/працы?

    Члены Proz.com могуць накіраваць запыт аб стварэнні прыватнага форума і запрасіць іншых да ўдзелу ў ім. Проста накіруйце запыт у службу падтрымкі з пажаданай назвай форума і пералікам нумароў профіляў тых, каго хочаце запрасіць на форум. Пры стварэнні форумаў тыя, хто накіраваў запыт, атрымліваюць статус уладальнікаў форумаў. Уладальнікі форумаў могуць дадаваць іншых карыстальнікаў сайта да ліку ўдзельнікаў форума і выдаляць іх. Форум бачны толькі тым, хто запрошаны на яго (а таксама персаналу сайта), а браць удзел у ім могуць толькі ўладальнікі форума і члены. Прыватныя форумы нельга зрабіць публічнымі. Памятайце, што на прыватныя форумы распаўсюджваецца дзеянне правілаў форумаў, хаця іх ужыванне ў пэўных выпадках не такое строгае. Уладальнікі прыватных форумаў з’яўляюцца мадэратарамі сваіх форумаў і нясуць адказнасць за тлумачэнне гэтага запрошаным удзельнікам форума.


  • 30 - У мяне ёсць апытанне, якое я хачу апублікаваць. Ці можна гэта рабіць на форумах?

    Калі маеце апытанне, якое хацелі б апублікаваць і якое адпавядае агульнай тэматыцы ProZ.com, звярніцеся да персаналу сайта праз запыт у службу падтрымкі з падрабязным апісаннем прапановы. Памятайце, што не ўсе апытанні можна публікаваць.


  • 31 - Я памылкова пачаў тэму ў неналежным форуме. Што рабіць?

    Паколькі публікацыя тэм-дублікатаў парушае правілы форумаў, у выпадку публікацыі тэмы ў неналежным форуме накіруйце запыт у службу падтрымкі, каб персанал перасунуў тэму ў належны форум.



  • Main - Top